КАЗА́ХСКІ ДРАБНАСО́ПАЧНІК, Цэнтральнаказахстанскі драбнасопачнік,

моцна разбураная і згладжаная горная краіна ў цэнтр. і ўсх. частках Казахстана. Працягласць з 3 на У каля 1200 км, шыр. ад 400 км на У да 950 км на 3. У зах. ч. рэльеф больш выраўнаваны; вылучаюцца горны масіў Улутау (1133 м) на З і Какчэтаўскае ўзв. (947 м, г. Сінюха) на Пн. Усходняя ч. мае большыя абсалютныя вышыні і найбольш расчлянёны рэльеф; у цэнтры — Каркаралінскія горы (да 1403 м), нізкагор’і Кызылтас з масівам Аксаран (1566 м) і хр. Чынгізтау (1469 м). Тэр. К.д. ўваходзіць у склад Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса. Утварылася ад працяглай дэнудацыі стараж. палеазойскага фундамента. Складзена з метамарфічных сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў, вапнякоў і вывергнутых парод, якія месцамі перакрыты асадкавымі рыхлымі адкладамі. Радовішчы жал. (Атасу, Каражал, Карсакпай), медных (Джэзказган, Базшаколь, Каўнрал), марганцавых (Атасу), поліметал. (Карагайлы) руд, золата, (Майкаін), вугалю (Карагандзінскі і Экібастузскі вугальныя бас.). Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэднія т-ры студз. ад -14 °C да -18 °C, ліп. 20—24 °C. Зімой маразы дасягаюць -40 °C, летам дзённыя т-ры паднімаюцца да 35 °C і больш (на Пд). Гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм. Снегавое покрыва малой магутнасці. Летам частыя засухі. Рэкі малаводныя, з іх найбуйнейшыя: Ішым, Нура, Сарысу. Шмат азёр. Самае буйное, але неглыбокае — салёнае воз. Тэнгіз. Разнатраўна-ціпчакова-кавыльныя стэпы ў паўн. ч. змяняюцца на Пд сухім ціпчакова-кавыльным стэпам; б. ч. іх тэрыторыі ўзарана і занята пасевамі збожжавых. На Пд і У — паўпустыні і палынова-салянкавыя пустыні. У гарах — хваёвыя лясы са сланікавай арчой.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)